Карта сайтаПоиск ... ... ... ... ... ...
Пресса
Панк на Танка
  
 Image 
 
 

Даўгачаканая прэзэнтацыя альбома Лявона Вольскага «Белая яблыня грому» на вершы беларускіх паэтычных клясыкаў пераўтварылася ў сапраўдны справаздачна-паказальны канцэрт «Лепшае» зь песьнямі з усіх праектаў, створаных музыкаю за апошні час.

Першае аддзяленьне было аддадзенае ды і прысьвечанае менавіта беларускай паэзіі і яе ўвасабленьню Лявонам Вольскім разам з музычным бэндам са свайго пункту гледжаньня. Прызнацца шчыра, музычнае аздабленьне некаторых вершаў пакінула толькі лёгкую зачараваную ўсьмешку: «Пахне чабор» (верш Петруся Броўкі) ці «Скандынаўская песьня» (верш Максіма Багдановіча), а вось панкаўская песьня «Вецер Радзімы» (верш Максіма Танка), мэталёвая «У турме» (верш Якуба Коласа), рэп з Аляксандрам Памідоравым «Немец» (верш Францішка Багушэвіча) узрушылі, а некаторых гледачоў прымусілі крыкнуць «Брава, маэстра!». Скончыла праграму загалоўная сьветлая і жыцьцёвая песьня «Белая яблыня грому» (верш Рыгора Барадуліна) з запісаным уступным словам ад аўтара.

У другім аддзяленьні абяцаліся новымі сольнымі песьнямі ды старымі гітамі з адноўленай «Крамбамбуляй» напрыканцы. Стары склад, акрамя духавой сэкцыі, зьмяніўся амаль цалкам новымі музыкамі: на бас-гітары граў Алесь Мышкевiч, басіст гурта «БЕЗ БИЛЕТА», на бубнах — Сяржук Штэндэр, на гітары — Павал Трацьцяк, які таксама грае ў «J:морс», на другой гітары Алег Гарус. Гэтыя ж музыкі гралі і ў першым аддзяленньні «Белая яблыня грому». Вольскі да таго ж засьпяваў некалькі песень зь вядомымі гасьцямі Ўладзімерам Пугачам і Ганнай Хітрык.

«У бліжэйшых плянах калектыву — Крамбамбуля Народная», — падзяліўся навіною Лявон Вольскі, то бок стварэньне праграмы на народныя песьні. Сапраўднасьць гэтай ідэі музыкі пацьвердзілі вясёлай і танцавальнай песьняй на народныя словы «Як служыў жа я ў пана», якая выклікала вельмі пазытыўную рэакцыю ў залі.

На канцэрце прысутнічала шмат знаных гасьцей. Аднаму зь іх, амбасадару Ірляндыі ў Літве і Беларусі Доналу Дэнэму, Лявон Вольскі прысьвяціў з нагоды Дня Сьвятога Патрыка песьню ў ірляндзкай стылістыцы «Сіні нос», а гледачам пажадаў: «Сьвяткуйце пазытыўна Дзень Волі, як сьвяткуюць Дзень Сьвятога Патрыка».

Дарэмнымі былі словы Вольскага «Бісу ня будзе» і апошняя ў праграме канцэрту песьня «Госьці», якая прымусіла ўзьняцца ўсе тры паверхі тэатру імя Янкі Купалы і сьпяваць разам. Гледачы вырашылі — біс будзе, таму яшчэ два гіты «Старыя хіпаны» і «Абсэнт» даказалі недарэмнасьць выкрыкаў гледачоў «Брава, маэстра!».

Автор: Павал БЕЛАВУС

Фото: Adriana KRUSZKA

«Тузін Гітоў» от 24.03.2010
 
Подразделы
Пресса
 
BannersManager Module