Карта сайтаПоиск ... ... ... ... ... ...
Пресса
Bandscan:Belarus: 16 лістапада ў Менску прайшоў другі чвэрцьфінал беларуска-швэдзкага музычнага прае
Беларуска-швэдзкі музычны праект Bandscan:Belarus набліжаецца да фіналу. Сёньня сталі вядомыя гурты-ўдзельнікі паўфіналу конкурса, што пройдзе 7 сьнежня ў Менску: Фрык кабарэ бэнд «Серебряная свадьба», Open Space, Hair Peace Salon, Bez.not, ДзеціДзяцей і The Toobes.

Гурты абіраліся праз глядацкае галасаваньне непасрэдна на канцэртах. Прапануем рэпартаж з другога чвэрцьфіналу Bandscan:Belarus, які прайшоў 16 лістапада ў клюбе Fabrique з удзелам Bez.not, Morfe Acoustic Band, The Toobes, Джамбібум, ДзеціДзяцей і hum flying bulletproof noodle.

Беларуска-швэдзкі Bandscan:Belarus

Правілы новага музычнага конкурсу простыя: у кожным канцэрце ўдзельнічаюць некалькі беларускіх гуртоў і адзін швэдзкі гурт у якасьці госьця. Лепшыя гурты вызначае публіка праз галасаваньне непасрэдна на канцэрце. Выступы канкурсантаў жорстка рэглямэнтаваныя па часе: кожнаму гурту даецца 15 хвілінаў на выступ, 10 хвілінаў для наладкі апаратуры і 5 хвілінаў для таго, каб сысьці са сцэны. Выкананьне часавых патрабаваньняў надзвычай важна.

Першы чвэрцьфінал Bandscan:Belarus прайшоў яшчэ 9 лістапада з удзелам «ПортМоне», «Серебряная свадьба», Energy, Open Space, «Анонимка» і Hair Peace Salon. Па выніках глядацкага галасаваньня ў паўфінал выйшлі фрык кабарэ бэнд «Серебряная свадьба», Open Space і Hair Peace Salon.

Bandscan:Belarus: другі чвэрцьфінал

  
 Image 
 
 

Адкрываў конкурсную праграму другога чвэрцьфіналу Morfe Acoustic Band зь цікавай музыкай, насычанай габрэйскімі, армянскімі, рускімі, татарскімі, кубінскімі матывамі і выкананай у фармаце 'unplugged'. Выступаць першымі ня проста, але публіка ўжо зь першай песьні падцягнулася шчыльным натоўпам да сцэны.

  
 Image 
 
 

Hum flying bulletproof noodle прэзэнтавалі сваю спробу злучыць стары традыцыйны рок-н-рол і сучасны агрэсіўны рок, тым самым знайшоўшы свой пэўны стыль. Але музыкі выканалі акапэльна прысьпеў зь вядомай мультыплікацыйнай песьні пра «белокрылых лошадок», відаць, для разрадкі атмасфэры.

  
 Image 
 
 

«Джамбібум» сваім моцным вакальным выкананьнем фольк-заснаваных песень канчаткова распаліў гледачоў/слухачоў, і тэмпэратура ў залі заўважна павысілася. Скончыў свой выступ гурт надрыўным рамансам «Кіпарысы» пра няшчаснае, але гарачае каханьне.

  
 Image 
 
 

Просты, сонечна пазытыўны і непасрэдны магілёўскі гурт Bez.not відавочна карыстаўся ў залі моцнай падтрымкай прыхільнікаў, якія заўзята таньчылі і радасна падпявалі знаёмыя словы. Гэтая каманда першая, што была настойліва запрошаная працягнуць летні настрой выкананьнем «на біс». Відаць, словы песьні «нет большего счастья, чем творить добро без награды» — гэта своеасаблівы дэвіз гурта.

  
 Image 
 
 

Кранальныя, простыя і харызматычныя, казачныя «ДзеціДзяцей» пачалі свой неспадзяваны, але ў той жа час чаканы дыялёг з публікай тым, што знайшлі сярод прыхільнікаў гурта «добрыя рукі» для знаёмага кацяняткі. Сьлёзы на вачох Ганны і людзей у залі, глыбокі сэнс творчасьці, тэатральная жывасьць ужо традыцыйныя для выступаў гэтага гурта. «Я люблю цябе!» — вырвалася з натоўпу… «Тая ж фігня», — адказала Ганна. У гэтай непасрэднасьці яны ўсе — гэтыя таленавітыя «дзеці». Нават іх «бісавая» песьня называлася «Шчасьцем».

  
 Image 
 
 

Апошні ўдзельнік конкурснай праграмы — менскі калектыў The toobes, дзе бубнач — адначасова вакаліст, выклікаў сваім выступам проста буру эмоцыяў у залі. Людзі таньчылі, слэміліся, аб’яднаўшыся адзіным захапленьнем любімай музыкай. Сумесь рэтра рок-н-рола, драйвавага фанку, супярэчлівага блюзу, напорыстага року і панку паднялі тэмпэратуру ў залі да максымуму.

  
 Image 
 
 

А ў якасьці госьця канцэрт завяршаў швэдзкі гурт Paris. Дзьве вакалісткі выконвалі прыемны брыт-рок, але слухачоў, на жаль, заўважна паменела. Зь цікавым швэдзкім калярытам вакалістаў і антуражам канкурсантаў Bandscan:Belarus — добры міжнацыянальны музычны абмен.

Удзельнікі паўфіналу Bandscan:Belarus

Галасы другога чвэрцьфіналу Bandscan:Belarus падлічаныя, пераможцы вызначаныя. У паўфінал з адрывам выходзяць The Toobes, ДзеціДзяцей і Bez.not. Такім чынам, у паўфінале 7 сьнежня ў клюбе Fabrique выступяць:


Фрык кабарэ бэнд «Серебряная свадьба»
Open Space
Hair Peace Salon
Bez.not
ДзеціДзяцей
The Toobes

А па выніках фінальнага канцэрту адзін гурт будзе запрошаны ў Швэцыю, а астатнія атрымаюць каштоўнае музычнае абсталяваньне.

Автор: Воля ВIТУШКА

Фото Юра СIДУН

«Generation.by» от 19.11.2008
 
Подразделы
Пресса
 
BannersManager Module