Карта сайтаПоиск ... ... ... ... ... ...
Пресса
Вясёлыя і нікчэмныя недарэчнасьці тэатральна-музычнага капусьніка
22 студзеня на малой сцэне к/з «Менск» прайшоў вясёлы і дзіўны «Фэстываль нікчэмнасьцяў». Фэст прадэманстраваў самыя розныя сфэры творчых праяваў у цікавым фармаце абсурднага, незвычайнага гумару: тэатральныя мініяцюры чаргаваліся з выступамі музычных і танцавальных калектываў, імправізацыі зьмяняліся падрыхтаванымі кліпамі, аб’яднанымі шчырасьцю і жыцьцёвым пазытывам.

Увесь фэст быў прасякнуты разумнай сатырай на сучасны шоў-бізнэс. Часта акторы самі не маглі вытрымаць такую ў вышэйшай ступені сьмешную абсурднасьць сваіх выступаў і ледзьве стрымліваліся, каб не разрагатацца.

Урачыста адкрываў фэст «Імпэратар сусьвету» — электронны пэрсанаж, падобны на фігуру з сагнутага ў розных месцах кардону. Пасьля ня меней натхнёна ён жа імпрэзу закрываў, спрабуючы знайсьці ў міжгаляктычных прасторах сваю галаву, каб мець магчымасьць з усімі разьвітацца.

Далей было інтэрвію з уладальнікам унікальнага голасу, «які не прайшоў ні на адзін фэстываль і не атрымаў ніводнай узнагароды» з мэтай даведацца, як такое ўвогуле магчыма. Каб такі ўнікальны голас, які невядома, «колькі не зарабляе», ніхто не пазнаў, на сцэну запрасілі актора, які голас зьмяняў. Спалучэньне адсутнасьці голасу і голасу зьмененага да непазнавальнасьці адразу прымусіла залю плакаць ад сьмеху.

Наступным выступаў поп-дуэт пяшчотных хлопцаў з прэтэнзыйным назовам «Пигмалионы», прадставіўшы свой MP3-альбом «Распродажа сердец». Са сваёй апошняй складанкі «Волос ушедшего дня» поп-зоркі выканалі кампазыцыі на тры вечныя тэмы: Новы год, войска і дзень народзінаў. Гімн новаму году гучаў ну вельмі падобным да песьні «Машины времени» «Новый поворот». Толькі замест гэтых аднайменных з назвай словаў прыпеву былі ўстаўлены «Этот новый год». Падача гэтага шэдэўра як бессумнеўнай навацыі яшчэ болей рассьмяшыла залю. У песьні пра войска музыкі выступілі за 4 прызывы замест двух — у кожную паравіну году — і радасна заклікалі далучыцца да іх прапановы.

«Вэтэранамі творчага крызысу» апынуўся праект Івана Боткіна «Мікробы». У нумары Вольга Скварцова і Ганна Хітрык былі нейкімі нерэальнымі малекулярнымі часьцінкамі, якія таньчылі і сварыліся між сабой.

Немагчыма параўнаць ні з чым выступы па-беларуску. Першым на сцэну выйшаў сур’езны калектыў, які не працуе за грошы — выключна «за хлеб» — вясельна-пахавальны ансамбль «Горка». Гук «Г» у назьве зьяўляецца фрыкатыўным з захадам на яшчэ адно выключэньне ў беларускай мове. «Горка», таму што на вясельлі музыкі радасна крычаць «Го-о-рка-а!», і на пахаваньні гэтае слова таксама дарэчы. Аб’яднала музыкаў найперш тое, што жывуць яны ў адным пад’езьдзе. Зьмест кампазыцыяў ансамбля ў стылі частушак арыгінальна спалучаў і радасьць сьвятаў і смутак пахаваньняў адначасова і, адпаведна назьве, амаль кожная заканчвалася фразай: «За здароўе маладых! А на каго ж ты нас пакінуў? Ча-ча-ча!».

Шоў-балет Ганны, Мішы і Зьмітра прадставіў палымяна-жарсны танец у лепшых традыцыях поп-сцэны. Выразы твараў актораў, як у самых велізарных «зорак» на плянэце дадалі яшчэ болей камізму цудоўнай пастаноўцы.

Сарваў авацыі гурт «Сан Шайн», абсалютны склад якога — расейцы, шчыра захопленыя прыгажосьцю беларускай мовы. Кожны ўдзельнік гурта прадстаўляўся і распавядаў, чым выкліканая такая любоў да суседняй мовы. Юры Цьверезняк «не з Расеі, а побачь — з Эміратаў» распавёў, што любіць мову за яе «так кажучі мілагучнасць, памярковнасць і складанае ў». «Явгень з Горада Саранска» паведаміў, што «беларуская мова — другая па прыгажосьці мова ў сьвеце». Праўда, дакладна забыўся, пасьля якой — італійскай ці францускай. Яшчэ былі названыя такія прычыны любові да мовы расейцаў з Ніжняга Тагілу, Волагды і іншых глыбінак: «Размавляць па-беларуску насамреч выкшталцовна і клёва»; «Цікава, бо мова рэдкая, як ягіпецкая»; «Люблю мову за тое, што яе не было, а зараз стала».

Купалінка ў выкананьні «расейцаў Сан Шайн»

Сцэнічным выражэньнем любові «Сан Шайна» да Беларусі стала душэўнае выкананьне ў калектыўным танцы «Купалінкі» і мілае разьвітаньне «Калі што не так, выбачя-я-яйце!».

Лідар гурта «Невмоготу», які працуе ў жанры нэа-шансону распавёў пра свае альбомы «Моей вдове шестьдесят пять» і «Порча» у парчовай вокладцы, а таксама прадставіў свой кліп пра няўдалае каханьне і адзіноту — абсалютна арыгінальны ў сваёй электроннай непасьлядоўнасьці.

Рэп-інквізытары з гурта «Чикки-Бабони» Павал Кутуньё і Міхал Шлёцак імправізавалі на сцэне «для беларусканямовных существ», а «бабушки» Вольга і Ганна дадалі «верха и низа» — т.б. адказвалі за бэк-вакал у нацыянальным стылі.

  
 Image 
 
 

Рэпэры ўдала на хаду рыфмавалі фразы і заклікалі гледачоў падкідваць тэмы, пажадана называць які-небудзь вядомы пэрсанаж для абмеркаваньня. Але людзі з залі не знайшлі ніякай канкрэтнай асобы і нечакана-чаканымі тэмамі рэп-бойкі сталі, відаць, ненаўмысна выкрыкнутыя «рыбкі» і «крызыс». Акторы бліскуча справіліся з разьвіцьцём абмеркаваньня абодвух словаў.

Вольга і Ганна запрасілі «двух чалавекаў — двух маладых чалавекаў і адну дзяўчыну» з залі паўдзельнічаць у іх першым супольным праекце — мюзікле з дэманічным назовам «Чёртово колесо любви».

  
 Image 
 
 

Сам працэс падрыхтоўкі і рэпэтыцыі з навічкамі быў такім сьмешным і захапляльным, што назіраць за ім было суцэльным задавальненьнем. У выніку пад час фінальнага прагляду новасьпечаныя акторы выдатна сьпявалі і таньчылі, дзейнічаючы згодна з пацешным сцэнаром трохкутнага каханьня.

  
 Image 
 
 

Ангельскамоўны «real musical «Colobok» і выступ гурта «Последние свечи» завяршылі разнастайныя рознасьці капусьніка. Пад час мюзікла акторы таньчылі, сьпявалі і размаўлялі па-ангельску, як у сапраўдных папулярных амэрыканскіх пастаноўках, і — па-беларуску, каб вярнуць у нашыя рэаліі.

Як распавяла Generation.bY канцэрт-мэнэджэр прадусарскага цэнтру «Пан-студыя» Алена Козуб, фэстываль акторы і арганізатары рыхтавалі на працягу чатырох месяцаў, імкнучыся рэалізаваць свае незвычайныя і шматлікія творчыя ідэі. Плянуецца такія фэстывалі праводзіць рэгулярна, таму што гэтая імпрэза «атрымалася, вельмі спадабалася і сабрала цэлую залю гледачоў, чаго самі арганізатары нават і не чакалі». «Чакаем на новыя ідэі нашых аўтараў», — весела дадала Алена.

Удзельнікі:


Ганна Хітрык, акторка тэатру імя Я.Купалы, вакалістка гурта «ДзеціДзяцей»
Міхал Зуй, актор тэатру імя Я.Купалы, гітарыст гурта «ДзеціДзяцей»
Зьміцер Ясеневіч, актор тэатру імя Я.Купалы, гітарыст гурта «ДзеціДзяцей»
Вольга Скварцова, акторка тэатру сучаснага танцу D.O. Z. Sk. I
Сяргей Кавальскі, актор клоўн-праекту «ЛЮДИ С НОСОМ» («Лунатики»)
Павал Кутуньё, вольнавызначэнец
і іншыя ня менш папулярныя асобы

Автор: Воля ВIТУШКА

Фото: Воля ВIТУШКА

«generation.by» от 26.01.2009
 
Подразделы
Пресса
 
BannersManager Module